БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:ЛІСІЦА І ДРОЗД
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

ЛІСІЦА І ДРОЗД

Жылі дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы сячы, а баба дома была, пірагі пякла.
Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсючка і прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок — стракаценькі ды паласаценькі.
Пачала баба парсючка карміць — і цестам, і мукою, і сьвежаю травою.
Але, вядома, дзік — яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды.
Нічога ня зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбіраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў!
Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк.
— Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, — кажа воўк, — я цябе зьем.
Парсючок хітры быў, падумаў і адказвае:
— Ня еж мяне шэры воўк, лепш ідзі із мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзіць.
А воўк да гусей вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку.
На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк — бух у яму! І сядзіць там.
Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку.
Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца.
— Куды ідзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Хадзем.
Ідуць яны, ідуць, падыйшлі да ямы. Парсючок абыйшоў яму, а лісіца — бух! — ваўку на галаву.
На трэйці дзень сустракае парсюка заяц.
— Куды ідзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Хадзем.
Дайшлі да ямы — і заяц туды паляцеў. Стала іх цяпер у яме трое: воўк, лісіца і заяц.
Сядзяць яны ў яме, захацелі есьці. Лісіца кажа:
— Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго зьядзём.
Крыкнуў воўк — моцна.
Крыкнула лісіца — таксама ня надта слаба.
Крыкнуў заяц — зусім слаба: толькі піскнуў.
Ну, яго і зьелі. Воўк усе косьці паеў, а лісіца кішкі сабе ўзяла і ў пясок закапала.
Назаўтра ўзноў прагаладаліся. Лісіца дастала кішкі ды есьць патроху.
— Што гэта ты, кумка, ясі? — пытаецца воўк.
— Кішкі.
— Дзе ты іх узяла?
— Лапаю сабе жывот распарола і дастала.
Воўк паверыў, распароў сабе кіпцюрамі жывот ды сканаў.
Лісіца і яго зьела.
Прыляцеў да ямы дрозд. Лісіца просіцца ў яго:
— Дрозьдзік-драздок, вызвалі мяне зь ямы!
— Як-жа я цябе вызвалю?
— Накідай у яму гальля, і я вылезу.
Дрозд накідаў гальля, лісіца вылезла зь ямы і кажа:
— Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне?
— Вызваліў.
— Накармі-ж цяпер мяне.
— Як-жа я цябе накармлю?
— Вунь баба на поле ідзе, міску бліноў кясе. Ты заляці ёй наперад ды сядзь на дарозе.
— І ўсё?
— Усё.
Паляцеў дрозд і сеў пасярод дарогі. Баба ўбачыла дразда, паставіла міску з блінамі і кінулася яго лавіць. А лісіца схапіла бліны ды за кусты.
Наелася лісіца бліноў, прыйшла к дразду:
— Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне?
— Вызваліў.
— Накарміў?
— Накарміў.
— Цяпер напаі.
— Як-жа я цябе напаю?
— А вунь, бачыш, чалавек бочку зь півам вязе. Ты ўзьляці на бочку ды дзяўбі затычку.
— І ўсё?
— Усё.
Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай дзяўбсьці затычку.
Убачыў гэта фурман, схапіў кол ды па дразду. Дрозд узьляцеў угару, а фурман з усяе сілы — па бочцы! Бочка разьбілася, піва вылілася. Цэлая лужына налілася.
Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лісіца напілася піва з лужыны, колькі ёй хацелася, ды пабегла да дразда:
— Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне?
— Вызваліў.
— Накарміў?
— Накарміў.
— Напаіў?
— Напаіў.
— Цяпер пацеш ты мяне.
— Як-жа я цябе пацешу?
— А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляці туды і садзіся на лоб то бабе, то дзеду.
— І ўсё?
— Усё.
Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда ды — трах! — цэпам. Але не па дразду, а па бабіным лобе. Дрозд фыркнуў і перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «А кыш!» — бах цэпам дзеду ў лоб!..
Лісіца аж качаецца ад сьмеху, пазіраючы, як дзед малоціць бабін лоб, а баба — дзедаў.
Набілі яны сабе гузакоў, кінулі малацьбу ды пайшлі дахаты прымочкі на лобе ставіць.
А дразду хоць-бы што — паляцеў сабе ў лес, пасьвістваючы.


...