БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:КУРАЧКА-РАБКА
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

КУРАЧКА-РАБКА

Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.
Ідзе воўк:
— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?
— Як-жа нам ня плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
І воўк завыў.
Ідзе мядзьведзь:
— Воўк, чаго выеш?
— Як-жа мне ня выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць... А я брахаць ня ўмею, дык і завыў.
Выслухаў мядзьведзь казку і адарваў сабе хвост.
Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом.


...