БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:КОТ МАКСІМ
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

КОТ МАКСІМ

Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката — Максімам.
Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам.
Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе...
Вось так жылі яны, жылі — згарэла хата, адна гліняная печ засталася.
— Што рабіць будзем? — пытаецца кот у гаспадара. — Трэба хату будаваць.
— Ат, — кажа Марцін, — навошта нам хата? Хопіць і печы.
Пажылі яны з год на печы, а тут і печ развалілася.
— Што рабіць будзем? — зноў пытаецца кот у гаспадара.
— Ты, — кажа Марцін, — як сабе хочаш, а я надумаўся жаніцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.
— Хто за такога гультая пойдзе замуж? — сьмяецца кот. — Ты-ж толькі любіш ляжаць на печы, у цябе і выгляд нечалавечы.
— Пойдзе! — кажа Марцін. — Няма чаго сьмяяцца! Сама царэўна пойдзе. Ідзі, Марцін, да цара. Скажы яму — так і так: пан Марцін, па прозьвішчу Глінскі-Папялінскі, сватаецца да тваёй дачкі. Ну і зрабі ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсім царстве не знайсьці...
— Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцін Глінскі-Папялінскі, — кажа кот.
— Нічога, ідзі, а то папругі дастанеш! — пагразіў яму гаспадар.
— Ну што-ж, паспрабую шчасьця.
Нанасіў кот гультаю Марціну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправіўся ў далёкую дарогу.
Ідзе ён, ідзе, прыходзіць у лес. Бяжыць насустрач заяц.
— Куды, кот, ідзеш? — пытаецца ён.
— Да цара.
— Чаго?
Кот падумаў і кажа:
— На суд...
— На які суд?
— Праўды хачу дайсьці.
— Якой праўды?
— А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзіць — усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, сьмятану зьлізаў, кот сала ўкраў... А ката там і блізка ня было. Не магу я пярпець такога паклёпу на сябе.
— Пайду хіба і я з табою! — кажа заяц.
— Чаго?
— Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробіць — усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакі ганяюць? Зайца! А там зусім і ня заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.
— Дык што-ж ты — адзін пойдзеш? —кажа кот. — Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сьветкі мець.
— А ты чаму адзін ідзеш?
— Ну, у мяне іншая справа. Там у мяне дзядзькі, бацькі, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне і павераць. Вось каб ты набраў сотні тры сьветак, тады можна сьмела ісьці.
Як пакоціцца заяц, як наробіць крыку на ўвесь лес:
— Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Тут, як бачыш, з усіх бакоў пасыпаліся зайцы.
Назьбягалася іх цэлая чарада.
Прывёў кот Максім зайцоў да царскіх палацаў. Бачыць — на дварэ вялікі хлеў стаіць. Ён і кажа зайцам:
— Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.
Зайцы паскакалі ў хлеў, а кот — бразь! — ды і зачыніў іх там на засаўку.
Ідзе ён да царскіх палацаў, падскокваючы, у лапкі плешчучы.
Узыходзіць на ганак, стукае ў дзьверы:
— Адчыніце!
Адчыніў яму салдат-вартавы.
— Чаго трэба? — пытаецца.
— Пакажы, дзе цар жыве.
Салдат паказаў.
Увайшоў кот Максім у вялікі пакой, а там цар сядзіць.
— Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства!
— Добры дзень, каток! — адказвае цар. — Што скажаш?
— Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі гасьцінчыка.
— Дзе-ж той гасьцінчык?
— У хляве.
Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачыніць.
— Мусіць, дужа багаты твой гаспадар, калі гэтулькі зайцоў прыслаў? — дзівіцца цар. — Мусіць, у яго яшчэ больш ёсьць.
— Ён, панок-царок, такі багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькі гаспадыні ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.
Павёў цар ката ў палацы, накарміў, напаіў, ды яшчэ і на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.
Вярнуўся кот Максім дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.
Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогі засталося, і пачаў карміць гаспадара.
Акрыяў сяк-так пан Глінскі-Папялінскі ды пытаецца ў ката:
— Ну, што табе цар сказаў?
— Нічога цікавага, — кажа кот.
— Дык ідзі яшчэ раз да цара. Толькі нанасі мне больш яды ў запас.
Нанасіў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.
Прыходзіць у лес, а тут насустрач яму воўк:
— Куды ідзеш, кот?
— Да цара.
— Чаго?
— На суд.
І расказаў ваўку, на які суд ён ідзе. Воўк кажа:
— Дык і я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.
— Аднаму табе суд не паверыць, — кажа кот.
— А ты чаму адзін ідзеш?
— Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакі ўцякаюць, калі дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькі, бацькі, дзяды, браты...
— Дык што-ж мне рабіць?
Зьбяры сотні тры сьветак, тады павераць.
Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:
— Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!
Назьбіралася ваўкоў з усяго лесу.
Павёў іх кот Максім да цара.
Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць:
— Мы першыя пойдзем на суд.
— Не, — кажа кот, — мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.
Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот — бразь! — і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы.
Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.
— Што скажаш, каток? — пытаецца цар.
— Так і так, — кажа кот Максім, — прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасьцінчык.
— Добра, — кажа цар.
Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.
Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа:
— Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госьці прыедзе.
Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся.
— Уставай, — кажа, — я ад цара прыйшоў.
Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца:
— Што цар сказаў?
— Сказаў, каб ты сам да яго ў госьці ехаў.
Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу:
— У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бізун.
— Нічога, — кажа кот, — што-небудзь прыдумаем.
Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара.
Бягуць, бачаць — недалёка ля гасьцінца цэлае войска салдат сьпіць. Кот спыніў гаспадара.
— Пачакай, — кажа, — тут.
А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўськінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей.
Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.
Рак пачаў прасіцца:
— Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.
Кот падумаў і кажа:
— Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?
— У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.
— Падкапай да раніцы маставыя слупы, — загадаў кот.
— Добра, — кажа рак. — Гэта я магу.
Пусьціў кот рака, і той адразу-ж ухапіўся за работу.
— А ты, — кажа кот Марціну, — як толькі абваліцца мост, раськідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.
Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.
Прыбягае, дакладвае цару:
— Так і так, ваша вялічаства-вымператарства... Ехаў да цябе ў госьці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраваньне з вадою сплыло...
Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.
Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраваньне.
Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраваньне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.
Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:
— А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.
Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна гліняная печ, ды і тая развалілася.
Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:
— Ня бойся! Усё добра будзе.
Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць.
Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. ...