БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:СТРАЛЕЦ І РЫБАК
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ
СТРАЛЕЦ І РЫБАК

Былі ў бацькі два сыны. Вырасьлі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.
Большы, праўда старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаўся зь ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты-ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі-ж часам і ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.
А меншы сын такі гультай удаўся, хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж ані не бярэцца. Наловіць жменю пяшкуроў ці яршоў, — якая ад іх карысьць? Хіба што кату паласавацца.
Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але меншы сын ня слухае бацькі, бо вядома, ахвота горш няволі.
А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
Стралец расказвае:
— Сяньня з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб выстраліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў выляцеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казьлянятамі кусаць... Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзьведзь. Бурчыць сярдзіта ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў зь яго чмяліны рой. У такі час мядзьведзь вельмі злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзьведзь ня сышоў...
Рыбак расказвае:
— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Я за вудзільна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак віль хвастом і будзь здароў... Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамі ўхапіць, ды ня ўстрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.
Слухае бацька сыноў ды толькі галавою круціць:
— Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочыцца.
Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкі, але нічога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач.
Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.
— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасьць ніякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе...
Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.
Назаўтра бацька кажа сыном:
— Вось што, сынкі, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.
Сабраўся і пайшоў.
Засталіся сыны гаспадарамі.
Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і ў рот палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, а праўды так і не знайшлі.
Толькі вось празь некаторы час зноў зайшоў да іх той стары жабрак.
Ну, вядома, трэба пакарміць падарожнага чалавека. А ў братоў ані кавалка хлеба.
Стралец дакарае брата:
— Няхай-бы ты хоць якую людзкую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
Рыбак адказвае стральцу:
— Няхай-бы ты хоць якое казьлянё падстрэліў...
Паслухаў іх жабрак і кажа:
— Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсьць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.
Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачостку ад жабрака, ды голад ня цётка.
Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.
— Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасьце якое ці што?
Браты цяжка ўздыхнулі:
— Зусім прапала наша гаспадарка...
— А як-жа вы раней жылі?
— Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.
— А што ён, ваш бацька: малады ці стары?
— Ды зусім стары ўжо...
— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і бяз хлеба галееце...
Брыдка стала братом, радзей пачалі яны із стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
Мінуў год, і зажылі яны зноў, як трэба.
Тым часам вярнуўся бацька з гасьцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён і кажа да сыноў:
— Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.


...

  • Libri.it

  • Libri.it