БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:РАЗУМНАЯ ДАЧКА
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ
РАЗУМНАЯ ДАЧКА

Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прышлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасьцей частаваць?
Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама і ня ўстане.
Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:
— Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць.
Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.
— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.
— Дык яна-ж зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла.
— Нічога, можа як і выгадуем. Падрасьце дачка — будзе ёй малако.
Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.
Падужэла тая, расьце, як на дражджах. І дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.
Выгадавалася з лысенькай цялушкі слаўная карова.
Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасьвіць карову.
Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.
— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.
Бядняк і разказаў яму ўсё, як было.
— Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выгнаў яе — ня думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад...
Зажурыўся бедны чалавек.
— Я-ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая.
Не згаджаецца багаты:
— Не аддасі дабром — пойдзем да пана на суд.
Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.
Багаты падаў пану руку, прывітаўся: вядома, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму:
— Садзіся ў мяне.
Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць у парозе, шапку зьняўшы. Пан на яго і не глядзіць.
— Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.
— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае...
Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:
— Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на сьвеце сыцей за ўсё, што на сьвеце саладзей за ўсё, што на сьвеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і застанецца карова. А цяпер ідзіце дахаты, падумаўце. Заўтра прыдзеце з адгадкамі.
Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.
— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
— Ды так і так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы зь ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе-ж мне адгадаць тыя загадкі!
— А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка. Бацька сказаў.
— Нічога, тата, ня турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая, заўтра што-небудзь прыдумаем.
А багаты прыйшоў дадому і радуецца.
— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на сьвеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?
— Вось, дзіва! — усьміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на сьвеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто ня зможа бегчы: ён-жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!
— Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану.
Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.
— Ну, што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.
Багаты выйшаў наперад:
— Ды тут і адгадваць няма чаго: няма нікога і нічога на сьвеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей — за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй — за майго гнядога жарабца.
— А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў?
— Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людзкія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка...
Правільна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзіць яму карову.
— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.
— Мая дачка-сямігодка.
Зьдзівіўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! І захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.
— Дзяўчына, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?
Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на дварэ, і кажа:
— Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.
Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Сьмяеццца, відаць, зь яго гэтае дзяўчо?
— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.
Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Ня гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтку ўцякай.
Пагаварыў пан зь дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.
Прыйшоў увечары бядняк да пана.
— Нічога, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё-ж разумнейшы.
Даў пан бедняку рэшата яек.
— На, — кажа, — занясі дачцы і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на сьнеданьне. А ня зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.
Прыйшоў бацька дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.
— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.
— Якую?
Бацька паказаў дачцы рэшата зь яйкамі.
— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на сьнеданьне. Хіба-ж гэта можна зрабіць?
Дачка падумала і кажа:
— Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.
Раніцай дачка кажа бацьку:
— На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят карміць.
Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.
Пан паскуб вусы, паморшчыўся і кажа:
— Разумная твая дачка, ды я ўсё-ж разумнейшы!
Узяў ён тры сьцяблінкі лёну, падаў бедняку:
— Скажы дачцы, каб яна да заўтра гэты лён сьцерла, спрала і выткала і пашыла мне зь яго кашулю.
Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:
— Што сказаў табе пан?
Падаў бацька ёй тры сьцяблінкі лёну і разказаў, што пан загадаў.
— Нічога, — адказвае дачка, — кладзіся, тата, спаць, заўтра што-небудзь прыдумаем.
Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:
— Занясі пану і папрасі — няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасьціць і зробіць снасьць для кроснаў, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць.
Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла.
Пачырванеў пан і кажа:
— Разумная твая дачка — нічога ня скажаш. Ды я ўсё-ж разумнейшы! Перадай-жа ты ёй, каб яна да мяне ні пехатою прыйшла, ні на кані прыехала, ня голая і не адзетая і каб падарунак мне прынесла, а я каб ня мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасьце, пані будзе! А ня зробіць — дрэнна ёй будзе...
Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.
— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.
— Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе...
Расказаў ёй бацька, што пан загадаў.
— Нічога, тата. Як-небудзь абдурыш пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.
Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.
Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.
Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусьціла з рук зайца — сабакі і памчаліся за ім.
Падышла яна да пана.
— Лаві, — кажа, — свой падарунак: вунь ён у лес пабег.
Прышлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.
Паехаў неўзабаве пан за мяжу, а дзяўчынцы сказаў:
— Глядзі-ж, каб ты тут безь мяне ня судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.
Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Ляглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё, гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарабілася!»
Спрачаліся, спрачаліся ды вырашылі ехаць да пана на суд.
Прыехалі, а пана няма дома.
— Рассудзі хоць ты нас, — просяць дзядзькі прыёмную дачку.
Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа:
— Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс, ды вядзе ў руках, а той чые калёсы, кяхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар.
Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла ...