БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:ДЗЯЦЕЛ, ЛІСІЦА І ВАРОНА
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

ДЗЯЦЕЛ, ЛІСІЦА І ВАРОНА

Выдзеўб дзяцел у васіне дуплё, збудаваў гняздо і вывеў дзетак — траіх дзятлянятак.
Растуць малыя, а дзяцел цешыцца: «Выгадую, думае, дзяцей — на старасьць падмога будзе...»
Ды недарэмна кажуць: «Хто-б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?» Ня ўмеў ён радавацца сам сабе, а раструбіў на ўвесь лес пра сваіх дзяцей. Каго ні спаткае — усім хваліцца: «Якія ў мяне слаўныя дзеткі! І разумныя, і прыгожыя. Другіх такіх няма ні ў кога...»
Дачулася пра гэта лісіца. Захацелася ёй маладых дзятлянятак пакаштаваць. Але як-жа іх з гнязда дастаць? На дрэвы лазіць лісіца спрыту ня мае.
Дзяцел дзяцей гадуе, — корміць, поіць, а лісіца каля асіны пахаджвае, зубы выскаляе і ўсё думае, як дзятлянятак ізь сьвету зьвесьці.
І надумалася-такі. Падыходзіць аднойчы да асіны ды давай хвастом па камлі стукаць.
Высунуў дзяцел галаву з дупля:
— Што ты, лісічка, робіш? Навошта маіх дзяцей пужаеш?
— Вось як, — кажа лісіца, — дык у цябе і дзеці ёсьць?
— Ёсьць, — адказвае дзяцел. — І такія-ж слаўныя дзеткі!
— Ну дык выганяй іх вон, ды сам выбірайся, бо я зараз буду дрэва секчы...
— Навошта табе гэта дрэва? — пытаецца дзяцел.
— Як гэта навошта? На дровы папілую, у печы паліць буду!
— Ой, лісанька, ой, матанька! — пачаў прасіцца дзяцел. — Дай хоць дзяцей пагадаваць, тады і сячы сабе дрэва. Куды-ж я цяпер з малымі падзенуся?
А лісіца яшчэ мацней стукае хвастом па дрэву:
— Не магу я чакаць, пакуль ты дзяцей пагадуеш! Хто-ж вінаваты, што ты якраз на гэтай асіне гняздо зрабіў! Мала лесу было, ці што?
— Яно то праўда, — кажа дзяцел, — лесу нямала. Ды хто мог ведаць, што табе гэтая старая трухлявая асіна на дровы спатрэбіцца...
— Трэба было запытацца, раней чым гняздо рабіць, — злуецца лісіца. — Сам вінаваты.
Пачухаў дзяцел сваю стракатую галаву:
— Што-ж мне рабіць, лісанька? Дай раду.
Аблізалася хітрая лісіца, пакруціла хвастом ды кажа:
— Ськінь мне адно дзіця, тады ня буду секчы дрэва.
Падумаў дзяцел — шкада дзіцяці.
— Пачакай, лісічка, хоць да заўтра, — просіцца ён. — Дай хоць трохі зь дзяцей пацешыцца.
— Добра, — згадзілася лісіца. — Прыйду заўтра.
Сядзіць дзяцел у дуплі, бядуе і ўсё думае, як яму ад лісіцы ўратавацца. Ды нічога прыдумаць ня можа. Нічога ня зробіш, прыдзецца аддаць адно дзятлянятка, хоць двое яму застануцца.
Тым часам прылятае да яго ў госьці кума — шэрая варона.
— Так і так, — кажа ёй дзяцел, апусьціўшы нос. — Не да гасьцей мне кумка: маё роднае дзіця лісіца адбірае...
Варона была птушка старая і разумная, не такая, як іншыя.
— Дурань ты, — кажа яна, — не аддавай!
— Дык-жа лісіца дрэва сьсячэ і ўсё роўна загубіць нас.
— Гэта яна толькі страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!».
Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду і навет добра пачаставаў яе за гэта жукамі-караедамі.
Прыбягае назаўтра лісіца.
— Ну, дзяцел, — кажа, — ськідай дзіця, а то зараз дрэва сьсяку.
А дзяцел высунуў свой доўгі нос з дупля і кажа:
— Сячы сабе, я цябе не баюся!
Зьдзівілася лісіца — адкуль толькі дзяцел розуму набраўся?
— Хто цябе навучыў так гаварыць? — пытаецца яна.
— Сваячка мая — варона-кума, — сьмела адказаў дзяцел.
Узлавалася лісіца на дзятлаву куму — шэрую варону. «Пачакай-жа, — думае, — я ёй не дарую гэтага». І пайшла прэч, глытаючы сьліну.
Думала яна, думала, як вароне адпомсьціць, і надумалася-такі. Выбегла на палянку, лягла і прыкінулася мёртвай.
Убачыла гэта варона з дрэва. «Эгэ, — зарадавалася яна, — нядрэнная спажыва валяецца».
Тут яна крыльлямі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Дзяўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, ці сапраўды лісіца мёртвая. А тая — навет не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая.
Варона пасьмялела, падскочыла да галавы і ўжо намерылася дзяўбануць у вока... А лісіца як усхопіцца ды цап варону за нагу!
— Ага! — зарагатала лісіца, выскаліўшы зубы. — Папалася мне на абед замест дзятляняці. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць.
— Ну што-ж, — кажа варона, — перахітрыла ты мяне. Цяпер я толькі аднаго баюся: каб ты ня мучыла мяне так, як твая маці мучыла маю маці.
— А як-жа яна мучыла? Нешта я ня памятаю.
— Бо ты малая тады была...
— Дык раскажы хоць, — зацікавілася лісіца.
— Добра, раскажу, — згадзілася варона. — Было яно так. Твая маці злавіла маю маці. Вось як ты мяне цяпер.
— Ну, вядома, — перапыніла яе лісіца. — Мая маці была не такая дурная, як твая.
— Так, так, — адказала варона. — Яна, і праўда, была разумная, твая маці, бо не захацела есьці маю маці зь пер'ем: пер'е-ж нясмачнае!
— Вядома, нясмачнае, — падтакнула лісіца.
— Дык твая маці зрабіла вось як: узяла два рэшаты, усадзіла туды маю маці, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьціла з крутой гары, дык на маёй маці ні пярынкі не засталося — усё чыста асыпалася. Брр! — скаланулася варона. — Гэта самая страшная пакута для нас, варон...
«Добра-ж, — падумала лісіца. — Ня буду я дурнейшай за сваю маці».
Дастала яна два рэшаты, усадзіла туды дзятлаву куму ды і пусьціла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехаліся ў бакі, а варона ўзьнялася і паляцела на дрэва.


...