БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

Title:АБ ДУРНЮ І ЗАЛАТЫМ ПТАХУ
Subject:FICTION Scarica il testo


БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ

АБ ДУРНЮ І ЗАЛАТЫМ ПТАХУ

Было ў ваднаго чалавека трох сыноў: двух разумных, а трэйці — дурны. Старэйшы ўмеў на скрыпцы йграць, серадольны — на дудцы, а найменшы — дурны, — усё, седзячы на печы, лучыну стругаў. Вырасла ў таго гаспадара ў садочку яблынка, а на ёй расьлі залатыя яблычкі. Аднаго разу агледзілі яны, што кажнаю ноччу не ставала аднаго яблычка. Выправіў бацька старэйшага сына пілнаваць, а ён прыставіў драбінку да яблыні і йграе сабе ды йграе. Адно-ж на раніцу яму спаць захацелася, ён задрамаў, а тымчасам нешта зашумела. Прачнуўся, аж нідзе нічога няма, толькі яблычка не стае. Пайшоў ён да бацькі змаркоціўшыся, што не дапільнаваў.
На другую ноч серадольны кажа:
— Пайду ўжо я, я дапільную.
Як прыйшла другая ноч, пайшоў ён із сваёй дудкай, сеў на драбінцы ды йграе сабе на ўсякія лады. Грае ён так, грае, ледз узыйшла зарніца, а яму спаць захацелася; ён задрамаў, аж чуе скрозь сон, што нешта зашумела. Пакуль ён прачнуўся, ізноў аднаго яблычка няма. Брыдка й яму ісьці ў хату, што не дапільнаваў яблычка.
А ўжо той дурны кажа:
— На чым стану то стану, а такі мушу дапільнаваць залатых яблычкаў. — Усе толькі ўсьміхнуліся на тую гутарку.
Прышла трэйцяя ноч, дурны, такі ўжо рызыкоўны, выбіраецца ўжо на драбіну, набраў із сабою лучыны ды й пачарапкаўся якраз на яблынку. Стругае ён сабе, стругае ды й падсьпеўвае. Ледзь пачало на сьвет займацца, аж чуе шчэ здалёк, што нешта шуміць. Прытаіўся ён на драбінцы, ажно-ж залаты птах вялікі, большы за жураўля, ляціць проста на залаты яблычак. Птах да яблынкі, а ён яго — цап за хвост. Птах вырваўся і яблычка ня ўкраў, толькі тры пярынкі засталося ў дурнога ў руцэ. Бяжыць ён з радасьцю ў хату:
— А што, ці-ж не казаў, што дапільную. Хоць птушку й упусьціў, але пер'е якое маю і яблычкі ўсе.
Браты, як кроўю пазаліваліся ад сораму, што дурны славы даканаў. І давай тут старшы брат казаць:
— Ну, браткі, паеду я ў сьвет шукаць гэтае птушкі.
Узяў адну пярыну із сабою, набраў грошай на дарогу і ўсяго, што было патрэбна, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Прайшло ўжо шмат часу — ані птушкі, ані брат старэйшы не варочаецца. Тады серадольны й кажа:
— Ну, паеду-ж я ўжо шукаць і брата і птушкі.
Набраў і той усяго ўсялякага, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Жджэ бацька, жджэ год і другі, а тут ані птушкі, ані сыны не варочаюцца. Ажно-ж аднаго разу, стругаючы лучынкі, аказваецца дурны:
— А што-ж, татку, ані хлапцоў нашых, ані птушкі няма, трэба ўжо мне выбірацца ў дарогу.
Бацька падумаў сабе:
— Ідзі! Няма тых разумных, то няхай і цябе, дурнога, ня будзе.
Дурны нічога із сабою ня браў: ані грошай, ані яды, толькі ўзяў трэйцюю пярынку, кій у руку, ножык прывязаў да пояса, той самы, каторым ён лучынкі стругаў, ды й пайшоў пехатою. Ідзе ён сабе ды йдзе, ужо й ноч надыходзіць, аж бачыць, ляжыць пры дарозе конь здохлы. Нічога ў ім у сярэдзіне ня было, толькі хрыбеты наставіліся. Спыніўся гэта дурны, паўглядаўся на каня і думае сабе:
— Легчы спаць на полі, то холадна будзе на ветры; прасіцца да каго нанач, шчэ ня прымуць, улезу ў гэты тулаб ды й буду ў ім спаць, як на печы ў таткавай хаце. Улез ды й зараз заснуў. Сьпіць ён сабе спакойна, аж чуе, што нехта яго хату торгае. Зірнуў ён праз скабы, аж гэта ваўчыца цягае гэтага каня і каля яе ваўчанятка маленькае: яна грызе, а яно сабе бегае ды нюхае і ўбегла ў сярэдзіну, дзе ляжаў дурны. Як яно ўбегла, дык ён — цап за яго, а ваўчыца давай прасіць ды маліць:
— А мой ты, — кажа, — такі, а мой ты сякі, зраблю табе, што захочаш, адно аддай мне маё дзіця!
Дурны-ж кажа:
— Мне нічога ня трэба, толькі скажы ты мне, дзе жыве залаты птах, што ў майго бацькі яблычкі краў?
— І скажу табе, — кажа, — і завяду, толькі пасядзі ты тут крышачку, пакуль я сваё дзіця да гнязда завяду і сама вярнуся.
— Ну, — кажа дурны, — добра, пачакаю, толькі не марудзь, — і аддаў ёй тое воўчанятка.
Як ваўчыца сказала, так і зрабіла. Прыйшоўшы да яго кажа:
— Ну сядай на мяне, я цябе хутчэй занясу, чымсьці ты туды сам дойдзеш.
Нясла яна яго, нясла, а як ім есьці захочацца, то ваўчыца пабяжыць, зловіць хутчэй дзе што, задушыць, прынясе яму; ён крыху прыпячэ, зьесьць ды далей у дарогу. Прышлі яны да мора. Ваўчыца кажа:
— Я табе пайду гусачку злаўлю, пад'есьці трэба, каб быў дужы, бо цяжкая праца цябе чакае.
Калі-ж пераплылі на другі бок мора, ваўчыца яго зноў навучае:
— Ідзі ты ў гэты двор, што бачыш, толькі паціхусеньку, памалюсеньку, каб нідзе ня шаснуў, бо гэта закляты двор: усё ў ім, што толькі ёсьць, то сьпіць; а як ты, — кажа — шарахнеш, то ўсё папрабуджваецца і ты стуль ужо жывым ня выйдзеш. А як ты, — кажа, — увойдзеш у браму, то там два сабакі стаяць, на зялезных ланцугох укованыя, то йдзі паціхусеньку, не разбудзі іх, бо як яны забрэшуць, то цэлы двор разбудзяць. А глядзі, — кажа, — як ты ўвойдзеш у першы пакой, там вісіць меч бразгучы, — ён залаты, дарагімі каменьнямі саджаны і вельмі харошы й дарагі; але ты яго ня чапай, бо як ён, — кажа, — пачне бражджэць, зьвінець, то ўсе папрачынаюцца, і ты там зьгінеш. Увойдзеш, — кажа, — у другі пакой, вісіць гадзіньнік зьвінячы, не чапай яго, бо зьгінеш. І яшчэ яму кажа:
— Глядзі-ж як увойдзеш у трэйці пакой, там вісіць залатая клетка, а ў тэй клетцы сядзіць залаты птах, што ў вас яблычкі краў; вымі, — кажа, — яго з клеткі памалюсеньку, паціхусеньку і сам цішком ідзі назад, да мяне, бо я на цябе тут чакаць буду.
Так ён і пайшоў туды. Перайшоў ён тыя сабакі, бачыў ён шмат людзей — нейкіх чарнакніжнікаў, а ўсе і ўсё, дзе што хто рабіў, там і заснулі. Перайшоў ён тыя пакоі, пра якія яна яму казала, ды і ўвайшоў у трэйці. Тут, як не рване за тую клетку з птахам (ведама як дурны), дык як ня возьмуць званы біць, а ён як ня выляціць у другі пакой, як не рване за той залаты гадзіньнік — як не пачне той гадзіньнік на ўсялякія лады перацінаць; як ня выляціць ён у першы пакой, ды за той меч — меч зьвініць, бражджыць. Усё тое галасу нарабіла, крыку, гармідару; тыя папрачыналіся, а ён дай Бог ногі; і волас з галавы яму ня спаў — пераляцеў, як муха між імі.
Бачыць ваўчыца здалёк, што ён ляціць на перадзе, а яны яго ўжо даганяюць, падбегла яна да яго, ён сеў на яе з гэтым багацьцем ды й паплылі. Адплылі добры кавалак ад берагу, глядзяць ажно тыя ўсе стаяць над морам ды й рукі ломяць, ды й ломяць...
Пераплылі яны ўжо мора, давай ён прасіць ваўчыцу:
— Скажы ты мне, дзе мае браты, парадзь ты мне, як-бы я мог іх дастаць.
— Ня зьвязвайся ты, — кажа ваўчыца, — з братамі, бо яны цябе ізь сьвету зьвядуць.
Але ён яе просіць, ён яе малястуе.
— Скажы ты мне, скажы! Мяне, — кажа, — бацька за дурнога мае ды й ня любіць так, як іх, няхай ён зь іх хоць пацешыцца.
Не магла ваўчыца ад яго адчапіцца ды й кажа:
— Ідзі на каралеўскі двор, яны ў вастрозе сядзяць, толькі пільнуйся, — кажа, — каб яны цябе ізь сьвету ня збавілі, — ды й разьвіталася зь ім.
Дурны пайшоў да братоў, а яна да свайго дзіцяці.
Дайшоў дурны да караля ды й дастаяў таго, што яго братоў звольнілі. Сабраліся яны ўсе разам ды й паехалі да бацькі. Прыехалі браты ў цёмны лес, узялі таго дурнога забілі, а забіўшы, адцягнулі крыху з дарогі, гальлём прыкрылі, а самі зь яго багацьцем паехалі.
Бегла тудою тая самюсенькая ваўчыца ды зьветрыла цела дурнога. Падбегла, разьвярнула гальлё і пазнала, што гэта ён.
— От, — кажа, — як ён мяне паслухаў. А я яму казала, а я прыказвала, а я навучала — ды так яна ўжо па ім бядуе, і сама ня ведае, што яму даць за радачку.
Прыдумала пасьля сама сабе:
— Пайду, — кажа, — я да таго здохлага каня, мо я там якую радачку знайду.
Прыбегла яна да таго каня, улезла ў той тулаб ды й сядзіць, ажно наляцелі крукі тое сьцерва кляваць. Яна гэта зьнячэўку ўхапіла адно кручанё ды й трымае, а кручыха так яе ўжо просіць, так моліць.
Ваўчыца кажа:
— Як ты мне прынясеш вады жывучае ды гаючае, то я табе аддам тваё дзіця.
— От, як бач, — кажа кручыца, — так і прынясу, — ды й паляцела хутчэй сама. Набрала яна за гарамі, за дунаямі дзьве пляшачкі вады ды й прыносіць. Ваўчыца зараз ёй дзіця аддала, а сама пабегла да дурня, паліла яго аднэю вадою, ён ажыў, паліла другою — устаў.
— А што, — кажа ваўчыца, — ці-ж я табе не казала, што твае браты гэтак зробяць? Пасьпяшай-жа ты цяпер хутчэй да дому, ...